Заметки о политике и о жизни

Октябрь 24, 2017

«Гэта была глыба». Радзім Гарэцкі пра рэпрэсаванага бацьку, расстралянага дзядзьку і лёс інтэлігенцыі

Filed under: История,Сталинские репрессий в Беларуси. — Антон Солнцев @ 8:49 дп

Снежана Инанец / Фото: Ольга Шукайло / TUT.BY

Для геолага Радзіма Гарэцкага гісторыя рэпрэсій — гэта гісторыя сям’і. Усё надта блізка. Бацьку, вучонага і заснавальніка Акадэміі навук, катавалі ў турмах і ганялі па лагерах. Дзядзьку, пісьменніка Максіма Гарэцкага, расстралялі ў 1938-м. Праз некалькі дзён будзе 80 гадоў з ночы, калі ў Мінску знішчылі сотню інтэлігентаў — з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Напярэдадні гэтай даты інтэлігент Радзім Гарэцкі распавёў TUT.BY, што падчас рэпрэсій страціла яго сям’я і ўся Беларусь.

Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY
Радзім Гарэцкі скончыў Маскоўскі нафтавы інстытут, працаваў геолагам. З 1977 года быў дырэктарам Геалагічнага інстытута Акадэміі навук СССР у Маскве. Потым пераехаў у Беларусь, дзе стаў акадэмікам Акадэміі навук БССР. Доктар геолага-мінералагічных навук. Заслужаны дзеяч навукі БССР. Замежны член Расійскай акадэміі навук. З 1992 па 1997 гады быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі.

1937. Открытый архив

С 1937 года, на который пришелся пик советских политических репрессий, прошло 80 лет. Отталкиваясь от этой даты, мы предлагаем вспомнить репрессированных в разные годы жителей Беларуси.

Информации о пострадавших мало, архивы закрыты или труднодоступны, во многих семьях о репрессированных предках тоже по привычке молчат. Часто неизвестно, где похоронены расстрелянные и как сложилась судьба тех, кто побывал в лагерях. Призываем говорить об этих людях, открывать архивы, чтобы сохранить самое ценное — память.

«Яны марылі, што Беларусь будзе багатая, толькі сацыялістычная»

— Сёння ёсць некаторыя людзі, якія за Сталіна, кажуць, што так і трэба, што нічога не было. А я проста магу расказаць, што было з намі. Зараз гэта важна.

Мой бацька, Гаўрыла Гарэцкі, і мой дзядзька, Максім Гарэцкі, першы раз трапілі ў турму яшчэ ў 1922 годзе.

Гаўрыла Іванавіч тады вучыўся ў Маскве, там стварыў асацыяцыю беларускіх студэнтаў. У дваццаць другім годзе Ленін вырашыў выкінуць шэраг інтэлігенцыі вон з Расіі. Гаўрылу Іванавіча арыштавалі на пэўны час.

А дзядзька Максім Гарэцкі ў гэты час быў у Вільні, якую захапілі палякі — пасадзілі за сувязі з бальшавікамі. Нават хацелі павесіць, але выкінулі за мяжу Літвы.

Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY
Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Адзін стаў класікам беларускай літаратуры, дзеячом нацыянальнага адраджэння. Другі — выбітным вучоным, адным з заснавальнікаў Беларускай акадэміі навук.
Браты сталі ахвярамі савецкіх палітычных рэпрэсій.
Максіма Гарэцкага растралялі ў 1938-м, рэабілітавалі ў 1957-м. Гаўрыла Гарэцкі шмат гадоў правёў у ссылцы. Рэабілітаваны ў 1958 годзе «за адсутнасцю складу злачынства».

Калі я нарадзіўся, бацька ўжо быў адным з заснавальнікаў Беларускай акадэміі навук. Ездзіў па навуковых справах за мяжу. Тады самая выдатная сельская гаспадарка была ў Даніі. У нашых вучоных-аграрыяў быў лозунг — зрабіць з Беларусі чырвоную Данію. Яны ж распрацавалі цэлую сістэму — з хутарамі, фермамі! Марылі, што Беларусь будзе такая ж багатая, толькі сацыялістычная.

Але дзяржава стала зганяць усіх у калгас! І пра вучоных сталі пісаць, што яны здраднікі, шкоднікі, буржуазныя нацыяналісты, нацдэмы. У 1930-м такія ж прыдзіркі былі і да Максіма Гарэцкага, толькі ён ня быў у Акадэміі навук.

Памятаю, як маці даведалася, што бацьку затрымалі па дарозе з адпачынку. Выходзіла на вакзал, каб сустрэць, як бацьку прывязуць. І праўда — сустрэла. З мамай былі я, бабуля. Бачым: выходзіць бацька з ахоўнікам. Мама кінулася да яго, ахоўнік турхнуў — ледзь не паляцела. А я крычу: «Тата! Тата!». Я быў малы, але нешта ўжо кумекаў: адбываецца нешта страшнае. З бацькам нам не далі пагаварыць.

Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY
Кватэра Радзіма Гарэцкага, працоўны кабінет

«Беларускія інтэлігенты былі з сяла, у першым пакаленні»

— У нас у 1930-м прыдумалі Саюз вызвалення Беларусі, якога тут не было. І пад гэтую справу падвялі больш за сотню інтэлігентаў!

А ў Беларусі інтэлігенты былі асаблівыя… Чым яны адрозніваліся ад іншых? Большасць была з сяла, інтэлігенты ў першым пакаленні. Тыя самыя Гаўрыла і Максім — іх бацькі былі зусім непісьменныя.

Але ў нас у народзе былі вельмі таленавітыя людзі, асабліва жанчыны. Мая баба Ефрасіння была народнай спявачкай і сказіцельніцай, ведала процьму песень і сама складала. Максім Гарэцкі, яшчэ калі быў вольным, нават напісаў кніжку «Народныя песні з мелодыямі». Прывёз да маці кампазітараў Ягорава і Аладава — сам запісваў словы, а яны адразу — ноты. 318 песень! Чую і зараз, што некаторыя мелодыі ў канцэрты бяруць.

Гэтыя жанчыны з вёскі настолькі любілі родную мову, ведалі столькі, што вось гэта інтэлігенцыя першага пакалення — менавіта ад гэтых жанчын такой і зрабілася.

Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY
Бацькі рэпрэсаваных інтэлігентаў Гарэцкіх былі простымі людзьмі. Сяляне з вёскі Вялікая Багацькаўка (Мсціслаўскі павет Магілўскай губерніі) Іван Кузьміч і Ефрасіння Міхайлаўна Гарэцкія.

Рэпрэсіі пачаліся яшчэ з Леніна. Канешне, ён быў упарты, энэргічны, харызматычны. І троху, відаць, хворы. А калі ўжо Сталін прыйшоў, то Ленін так ужо захварэў, што нічога не разумеў, што да чаго. З сялян бралі развёрстку, калі ў іх саміх не было чаго есці, простых людзей маглі расстраляць ні за што.

Ведаеце, я лічу, што ў нас не было ні камунізму, ні сацыялізму, у нас быў толькі бальшавізм. Бальшавікі былі жорсткай партыяй, іх не цікавіў лёс Расіі — іх цікавіла, каб была сусветная рэвалюцыя, каб была ўлада. А сваіх людзей яны не шанавалі, знішчалі.

«Селянін побач з бацькам звар’яцеў і крычаў: «Я — шпіён! Я — шпіён!»

— Максіма Гарэцкага пасадзілі па справе Саюзу вызвалення Беларусі — выслалі ў Кіраў (Вятка, Расія), на пяць гадоў. А Гаўрылу Гарэцкага — па справе Працоўнай сялянскай партыі. Кіраўнікамі партыі зрабілі яго настаўнікаў у Маскве, лепшых у свеце эканамістаў. Сярод іх быў Кандрацьеў — настолькі выдатны, што нават «пяцігодка Кандрацьева» была. А потым іх білі і калацілі, і яны прызнавалі, што была Працоўная сялянская партыя. А Гаўрыла Іванавіч быццам узначальваў яе філіял ў Беларусі.

Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY
Гаўрыла Гарэцкі з сям»ей, канец 20-х

Калі бацька сядзеў на Валадарскага, там рабілі «парылкі». Значыць, засоўваюць цябе ў невялікае памяшканне і туды пускаюць пар. І ты пачынаеш задыхацца, увесь мокры. Гаўрылу Іваныча пасадзілі ў «парылку» разам з нейкім селянінам. А той ужо звар’яцеў. Яны там сядзелі побач, прыжатыя, а селянін крычаў: «Я — шпіён! Я — шпіён!».

Шпіён — гэта самы кепскі быў артыкул. Во і бацьку самая шкода, што напісалі — польскі і германскі шпіён, раз быў у гэтых краінах.

Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY

А пасля такіх парылак ледзь выжывалі, ужо ў чым хочаш прызнаваліся.

Я потым чытаў у справах, калі ў нас было пацяпленне… У нас выдатны быў пісьменнік Кузьма Чорны. Дык Чорнага катавалі: пераварочвалі табурэтку і саджалі на адну з ножак. Такі дзікі боль быў, што ён гатоў быў што заўгодна… Праклінаў і Купалу, і ўсіх.

Як вы ведаеце, Купала вельмі выдатна сябе павеў. Яго таксама пачалі цягаць у КДБ на допыты. Наша сям’я сябравала з Янкам Купалам. Ён зрабіў сабе «харакіры» — ледзь застаўся жывы. А Ігнатоўскі, прэзідэнт нашай Акадэміі навук, наогул застрэліўся. Усё гэта быў пратэст супраць тых падзей.

Бацьку забіралі пару разоў у Маскву, як найбольш «злоснага». Больш за паўгады зноў прасядзеў у Бутырцы, а потым, ужо тут, прысудзілі да вышэйшай меры пакарання.

Але здарылася дзіўная гісторыя. Сам следчы распавядаў, але можа гэта міф. Прыехалі ў Маскву Чарвякоў і Галадзед — нашыя сапраўдныя беларусы, але шчырыя камуністы. І, як гэты казаў, Сталін падпісваў, каго растраляць, каго не. Праводзіць рукой па спісе, дайшоў да Гаўрылы Іванавіча. А Чарвякоў і Галадзед пачалі бацьку хваліць, бо добра ведалі. Той пытаецца, колькі яму год. «Хутка будзе трыццаць». Сталін сказаў: «Так ён яшчэ малады? Ну, няхай нямнога пажыве». І яму далі 10 гадоў у лагеры.

«Калі бацьку арыштавалі, усе ад маці шарахаліся»

— І Гаўрылу Іванавіча адправілі ў «цяплушцы» (спецыяльны вагон, у якім перавозілі зняволеных. — Заўв. TUT.BY) на Салаўкі (Салавецкі лагер асаблівага прызначэння. — Заўв. TUT.BY). Яго павінны былі павезці на Салавецкія астравы, але была каманда будаваць Беламорска-Балтыйскі канал. Аднойчы зняволеным сказалі: «Выходзьце, хто з вышэйшай адукацыяй!». Бацька выйшаў, і яго паслалі ў цэнтральнае ўпраўленне Беламорканала.

Каб добра зрабіць канал, трэба было займацца інжэнернай геалогіяй. І Гаўрыла Іванавіч папрасіўся ў такі аддзел. Там даведаліся: акадэмік! Няхай эканаміст, не геолаг, але ж. І ўзялі бацьку. Ён там працаваў, хоць і павінен быў варочацца да астатніх зняволеных у свой час, не збягаць нікуды. Далі яго ў памочнікі геалагіні Варвары: «Будзеце помВарам». Але Гаўрыла Іванавіч у хуткім часе стаў лепшы за гэтую Варвару. А калі вельмі добра працуеш, давалі скідку па гадах. І яго за чатыры гады адпусцілі.

Але жыць бацьку ўсё роўна можна было толькі там.

Праўда, адпусцілі на месяц у Беларусь у 1934 годзе. Ён паспеў апошні раз пабачыць маці і забраў нас да сябе.

Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY
Гаўрыла Гарэцкі разам з жонкай

Мы з мамай увесь час да гэтага жылі ў Беларусі без бацькі. Мама была такая вясёлая, жвавая, а як бацьку арыштавалі — усе ад яе адвярнуліся. Засталася з двума дзеткамі, і яшчэ старыя дзед і баба, бацькі, на плячах. Усе ад яе шарахаліся: у той час за знаёмства з сям’ей ворагаў народа маглі таксама пасадзіць. Адзіныя, хто ад мамы не адвярнуўся і, наадварот, дапамагалі — сем’і Коласа і Купалы.

«А дзядзьку Максіма расстралялі»

Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY

— Мы жылі ў Коле, зараз гэты населены пункт ужо ўвайшоў у Мурманск. Але падышоў сумны трыццаць сёмы. У гэтым годзе бацьку зноў забралі. Зноў усплыў той самы паганы артыкул — шпіён. Але Гаўрылу Іванавіча раптам да снежня выпусцілі. Толькі потым я зразумеў. Мяняліся кіраўнікі КДБ, калі аднаго здымалі, яго абвінавачвалі, што перасадзіў шмат людзей. І многіх катаў таксама пасадзілі і расстралялі. А потым — наступных. Але, калі саджалі кіраўнікоў КДБ, было, што выпускалі зняволеных. Бацька трапіў у такі час. Як кажуць, нарадзіўся ў сарочцы.

А дзязьку Максіма расстралялі ў 38-м, у Расіі. Спачатку, нават пасля рэабілітацыі, хлусілі — казалі, што памёр ад кровазліцця ў мозг. Але я падчас перабудовы бачыў яго справу. Ёсць дакументы: 40 чалавек вывелі, растралялі за 15 хвілін і закапалі «на адпаведную глыбіню».

Тату зноў арыштавалі ў 38-м. Мясцовым у Мядзвежай Гары здалося, што во, злавілі яны — ну самага-самага шпіёна: у Германіі быў, Галадзеда і Чарвякова вербаваў! І зноў яго, як самага «злоснага», паслалі ў Маскву. Яго павезлі, а ў Мядзвежай Гары расстралялі 1100 чалавек. Зараз там мемарыял Сандармох, як нашыя Курапаты. Толькі там малайцы: і поўны спіс расстраляных ёсць, і пішуць, кім яны расстраляныя. Не тое, што ў нас.

Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY
Кнігі пра жыццё Гарэцкіх, якія напісаў акадэмік Радзім Гарэйкі

А бацька ў Маскве трапіў да следчага Фінкельштэйна. Той кажа: «А як жа вы маглі завербаваць Чарвякова? Яго расстралялі, калі вы сядзелі. А Галадзед сам сябе застрэліў, калі вы сядзелі! Глупства». І адаслаў назад, з просьбай вызваліць.

Памятаю, як мы бегалі глядзець бацьку падчас зняволенняў у Мядзвежай Гары — калі выводзілі арэстантаў. Аднойчы ўбачылі яго ў такім стане, што жудасць! Ногі закутаныя, абросшы, апухшы, ледзь цягнуўся. Давялі яго да такога стану, што ён маме перадаў: «Дай мне лязо». Мама мужная вельмі жанчына ў мяне, выдатная. Яна вырашыла: ну што ж рабіць, чым так мучацца — няхай… Лязо ў сарочку ўклала. Але, Слава Богу, ён перамог сябе і застаўся жыць.

Памятаю яшчэ адну гісторыю… Аднойчы мама адправіла мяне з бабуляй у Запарожжа. Там жыў яе брат родны, Сяргей — быў майстрам на авіяцыйным заводзе. І на завод спусцілі план па «поимке врагов народа». Я быў сведкам, як забіралі дзядзьку. Жонка была цяжарная. Мы са стрыечнай сястрычкай маёй Інай малыя былі, нават не адразу зразумелі, што адбываецца. Смяяліся: во, нейкія дзядзькі ў хату прыйшлі! А потым самі плакалі.

«Бацька не крыўдаваў ні на сістэму, ні на людзей»

Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY

— Я пад назвай «сын ворага народа», можна сказаць, пражыў усё жыццё.

Бацьку канчаткова вызвалілі ў 39-м. Адразу ніхто не браў на працу, бо вораг народу. Але ён быў такі адданы навуцы: нават калі сядзеў без працы, дасылаў у часопісы артыкул пра сваю геалагічную працу на Беламорканале.

Хутка пачалася вайна. Бацьку мабілізавалі — на інжынерныя вышуканні. А потым, у 1945-м, ён трапіў у геалагічны інстытут у Маскве. Там абараніў кандыдацкую, доктарскую.

Мы падчас вайны былі ў эвакуацыі. Там з дзяцей-хуліганаў, якія жылі побач з уркамі — бо ў лагерах былі не толькі палітычныя, але і сапраўдныя злачынцы — мы зрабіліся вельмі сур’ёзнымі і адказнымі. Страшна было, голад, але я вельмі многа чытаў.

Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY
Сям»я Гарэцкіх, апошні мірны год — 1928-мы

Гаўрылу Гарэцкага рэабілітавалі ў 1958 годзе, Максіма ў 59-м, «за адсутнасцю складу злачынства». Значыць, невінаватыя зусім. Мы ўжо жылі ў Маскве, але ў Беларусь доўга не дазвалялі вярнуцца. Можа, гэта яго і ратавала, бо тых, хто вяртаўся сюды пасля вайны, арыштоўвалі яшчэ нават у пачатку 50-х. А бацька так любіў Беларусь, толькі марыў быць тут. Ён перабраўся сюды толькі ў 70-м…

Я дзіўлюся, але ў бацькі не было крыўды, калі ён вызваліўся: ні на сістэму, ні на людзей. Вы размаўлялі з Яняй Маргелавай (дачка расстралянага супрацоўніка Акадэміі навук Сцяпана Маргелава. — Заўв. TUT.BY), а бацька яе быў аспірантам у таты, у інстытуце ў Мінску. Калі іх усіх пасадзілі, людзей прымушалі пісаць адзін на аднаго ўсякую гадасць. І Маргелаў, на жаль, пісаў. Але тата вельмі добра ставіўся да яго дачкі, была ў нас як свая.

У Гаўрылы Іванавіча не было ніякай крыўды на людзей. Усё казаў: а ты стань на месца чалавека, які гэта зрабіў. І зразумееш, з гадкімі намерамі, ці прымусілі.

«Інтэлігенты, якіх знішчылі, — гэта была такая глыба»

Фото: Ольга Шукайло, TUT.BY

— Бацька недажыў да перабудовы, памёр у 1988-м. На жаль, бо ён бы радаваўся. Ён вельмі любіў беларускую мову, любіў справу свайго брата.

Спадчына расстралянага Максіма Гарэцкага вярталася вельмі марудна і цяжка. Спачатку пісалі, што ў яго былі нейкія памылкі, буржуазнае нешта. А потым Алесь Адамовіч напісаў кнігу пра Максіма Гарэцкага. Паказаў, што гэта выдатнейшы пісьменнік, што стаіць побач з пачынацелямі нашай сучаснай літаратуры: Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам. І толькі пасля гэтага магутнага штуршка людзі павярнуліся да спадчыны Максіма. Толькі падумаць, Максім Гарэцкі адзін напісаў гісторыю беларускай літаратуры. Цэлы інстытут такое потым рабіў, а ён — адзін!

Некалі Максім Гарэцкі напісаў: «Ахвярую сваім «Я» ва імя святога для ўсіх нас адраджэння».

Гэта значыць, амбіцыямі сваімі ахвярую. Так рабіла інтэлігенцыя таго часу. А сёння не ахвяруюць. Начальства не ахвяруе, ніхто. Я ж во і Зянона Пазняка добра ведаю, з ім працаваў. Бывала, кажу: «Паслухайце майго дзядзьку! Трэба ахвяраваць сваімі амбіцыямі». Ківаюць: «Так-так, правільна-правільна». Але — калі даходзіць да справы… (смяецца). Чаму на выбарах у 2010-м годзе было ажно дзесяць кандыдадаў? Чаму не здолелі дамовіцца? Таму што не ахвяруюць сваім «я».

Каб не тыя рэпрэсіі 30-х, Беларусь была б зусім іншая. Мы былі б багатыя, мовазнаўства ў нас было б вялікае. Тыя інтэлігенты, якіх знішчылі, — гэта была такая глыба! Самыя лепшыя.
Читать полностью:  https://news.tut.by/society/565707.html

 

Реклама

Добавить комментарий »

Комментариев нет.

RSS feed for comments on this post. TrackBack URI

Добавить комментарий

Заполните поля или щелкните по значку, чтобы оставить свой комментарий:

Логотип WordPress.com

Для комментария используется ваша учётная запись WordPress.com. Выход /  Изменить )

Google+ photo

Для комментария используется ваша учётная запись Google+. Выход /  Изменить )

Фотография Twitter

Для комментария используется ваша учётная запись Twitter. Выход /  Изменить )

Фотография Facebook

Для комментария используется ваша учётная запись Facebook. Выход /  Изменить )

Connecting to %s

Блог на WordPress.com.

%d такие блоггеры, как: